СВЯТО́ГА ЛАЎРЭ́НЦІЯ РАКА́ (Saint Lawrence River). У Канадзе, часткова (ад воз. Антарыо да г. Корнуал) служыць мяжой паміж Канадай і ЗША; ажыццяўляе сцёк усёй сістэмы Вялікіх азёр, разам з імі з’яўляецца найважнейшым водным шляхам, які злучае ўнутр. ч. ЗША і Канады з Атл. акіянам (гл. «Святога Лаўрэнція» сістэма водных шляхоў). Даўж. ўласна ракі (выцякае з воз. Антарыо і ўпадае ў зал. Св. Лаўрэнція) каля 1200 км, даўж. ўсёй воднай сістэмы (ад вытокаў р. Сен-Луі, якая ўпадае ў воз. Верхняе) 3350 км. Пл. бас. 1290 тыс. км². Ніжэй г. Квебек рака ўтварае эстуарый даўж. каля 400 км, шыр. да 50 км. Асн. прытокі; Атава (злева), Рышэльё (справа). Ледастаў ад снеж. да красавіка. Азёрамі і плацінамі сцёк ракі зарэгуляваны. Сярэдні расход вады 7,8 тыс. м³/с. Марскія прылівы да г. Труа-Рыўер, каля г. Квебек выш. да 5,5 м. Рака Рышэльё злучае С.Л.р. з р. Гудзон. На ўчастку паміж воз. Антарыо і г. Манрэаль каскад гідравузлоў з вадасховішчамі, найб. ГЭС Мозес (выкарыстоўваецца ЗША і Канадай). На рацэ найб. гарады і парты: Кінгстан, Корнуал, Манрэаль, Сарэль, Труа-Рыўер, Квебек (Канада).

т. 14, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)